Казакоў А.У.КНЯЗЬ МАЦВЕЙ МІКІЦІНІЧ:ПАХОДЖАННЕ І ЭМІГРАЦЫЯ
У апошні час у расійскай і беларускай гістарычнай навуцы назіраецца павышэнне інтарэсу да такой малараспрацаванай праблемы як эміграцыя з Маскоўскай дзяржавы ў Вялікае княства Літоўскае. Аб гэтым сведчаць працы расійскіх даследчыкаў К.Ю. Ерусалімскага, М.М. Крома, А.І. Філюшкіна, невялікі нарыс айчыннага гісторыка Б.І. Сідарэнкі.
Пазітыўным з’яўляецца тое, што ўвага надаецца не толькі традыцыйна папулярным сюжэтам і постацям (напрыклад, жыццё і дзейнасць князя А.М. Курбскага), але і менш вядомым у гістарыяграфіі асобам, такім як С.Ф. Бельскі, У.С. Забалоцкі і інш.Сярод маскоўскіх выхадцаў, жыўшых у ВКЛ у першай палове ХVI стст., нашу ўвагу прыцягнула асоба князя Мацвея Мікіцініча (? —каля 1539 г.). Ніхто з яго сучаснікаў-эмігрантаў не атрымаў настолькі буйных уладанняў на Беларусі і ў Літве, як ён. Нават С.Ф. Бельскі і І.В. Лядскі — найбольш вядомыя з эмігрантаў таго часу — значна саступаюць яму па заможнасці. Сярод маёнткаў Мікіцініча — Княжычы і Водва на Магілёўшчыне, Бірштаны і Езна ў Ковенскім і шэраг двароў
у Віленскім паветах, дом у сталіцы [1, с. 40, 82; 2, с. 113; 3, с. 50—51; 4,
с. 177—179, 180—183]. Паводле перапісу войска ВКЛ 1528 г. ён мусіў узбройваць і ўтрымліваць почат у 79 вершнікаў, саступаючы па колькасці камбатантаў толькі найбуйнейшым магнатам краіны: А.М. Гаштольду, К.І. Астрожскаму, Ю.С. Слуцкаму, С.С. Кезгайлу, Я.Я. Забярэзінскаму, Радзівілам і інш. [5, с. 50, 54]. Князь Мацвей Мікіцініч служыў вялікай княгіні літоўскай Алене, быў намеснікам у шэрагу яе ўладанняў — у Бірштанах, Анікштах, Княжычах, Цяцерыне і Магілёве. Набліжанасцю да вялікакняскай сям’і, якой ён быў абавязаны большасцю сваіх зямельных набыткаў, і тлумачыцца яго трывалае становішча як землеўладальніка і дзяржаўцы. У рамках гэтага сціслага нарыса мы звернем увагу на походжанне М. Мікіцініча, а таксама паспрабуем высветліць абставіны і час яго эміграцыі ў ВКЛ.
Дык адкуль жа паходзіў гэты фаварыт Алены Іванаўны? Да апошняга часу не рабілася спроб высветліць яго радавод. Вядома, што нашчадкі М. Мікіцініча ў другой палове XVI ст. сталі ўжываць найменне Галоўчынскіх (ад назвы аднаго з належыўшых ім маёнткаў — Галоўчын), а ў XVII ст. пачалі выкарыстоўваць імя Рапалоўскіх [6, с. 116]. Рапалоўскія былі адным з адгалінаванняў Старадубскіх князёў, добра вядомым у Маскоўскай дзяржаве ў XV—XVI стст. [7, с. 40—42]. Гэта дазволіла К. Нясецкаму выводзіць род Мікіцінічаў з Севершчыны. Ад князя Івана
Фёдаравіча (незразумела, хто менавіта маецца на ўвазе) пайшлі Мікіцінічы і Рапалоўскія, лічыць аўтар [8, с. 364]. У вядомых радаводных запісах Рапалоўскіх, аднак, аб Мікіцінічах няма ніводнай згадкі. Ю. Вольф асцярожна дапускае існаванне сувязі Мікіцінічаў з Рапалоўскімі, але не робіць больш канкрэтных высноў [6, с. 116].
Спробу праліць святло на паходжанне Мацвея Мікіцініча (у сувязі з радаводам князёў Пуцяціных), зрабіў у рамках невялікага даследавання генеолаг У. Бязроднаў [9]. Ён звярнуў увагу на сінодзік Мікіцінічаў, які ўтрымліваецца ў памяніку Кіева!Пячэрскай лаўры [10, с. 54]. Сярод продкаў Мацвея там пералічаны пяць імёнаў: Фёдар, Дзмітры, Фёдар, Іван, Мікіта. Атаясаміўшы двух першых з асобамі, вядомымі па іншых крыніцах, даследчык вывеў род Пуцяціных ад Дзмітрыя Фёдаравіча Старадубскага (1329—1354), які раней лічыўся бяздзетным. На думку Бязроднага, Мацвей Мікіцініч — прадстаўнік старэйшай галіны роду
Старадубскіх, адзін з шасці сыноў Мікіты Іванавіча, брат Івана, Фёдара,Васіля, Давіда і Пятра. Ад двух апошніх і павінны былі паходзіць Пуцяціны, ад Мацвея — Мікіцінічы!Галоўчынскія!Рапалоўскія (гл. схему 1).
Схема 1. Паходжанне Мікіцінічаў!Галоўчынскіх паводле У. БязроднагаА.У.
Версія У. Бязроднага аб паходжанні Мікіцінічаў і Пуцяціных грунтуецца на трох асноўных тэзісах. 1. Мікіцінічы былі звязаны з Рапалоўскімі і, адпаведна, са Старадубскімі, таму менавіта сярод апошніх трэба шукаць іх карані. 2. Фёдар і Дзмітрый, пералічаныя ў памяніку Кіева-Пячэрскай лаўры сярод продкаў князя Мацвея на першай і другой пазіцыях адпаведна, — гэта Фёдар Іванавіч (памёр у 1329 г.) і ўжо згаданы намі Дзмітрый Фёдаравіч, яго сын, а названыя ў той жа крыніцы Васіль і Пётр — браты М. Мікіцініча, вядомыя па радаводзе Пуцяціных. 3. Бацькам М. Мікіцініча з’яўляўся Мікіта Іванавіч Рапалоўскі, які ў 1495 г. суправаджаў нявесту вялікага князя Аляксандра Алену Іванаўну ў Вільню. Усе яго сыны, акрамя Мацвея, пазней вярнуліся ў Маскву і далі пачатак роду Пуцяціных.
З першым тэзісам можна пагадзіцца. Сапраўды, прысваенне Мікіцінічамі!Галоўчынскімі ў XVII ст. наймення Рапалоўскія наўрад ці было выпадковым незалежна ад таго, наколькі было абгрунтаваным. Відаць, паміж іх родамі сапраўды існавала сувязь. Што ж тычыцца другога сцвярджэння, то яго трэба прызнаць недастаткова аргументаваным. Па!першае, імёны Фёдар і Дзмітрый былі даволі распаўсюджанымі, і тут гаворка можа ісці аб простым супадзенні. Па-другое, аўтар ніяк не тлумачыць наяўнасць у сінодзіку імёнаў іншых асоб, якія названы перад братамі М. Мікіцініча, а, значыць, з’яўляюцца яго продкамі — Сямёна і Дзмітрыя. Застаецца незразумелым, хто крыецца за імем Міхаіл, якое памясцілі паміж Васілём і Пятром — імёнамі нібыта братоў князя Мацвея. Па-трэцяе, аўтар не дае адказ на важнае пытанне (нават і не ставіць яго): чаму ў сінодзіку няма імёнаў трох астатніх братоў М. Мікіцініча — Івана, Фёдара і Давіда? Прычым адсутнасць апошняга — слабае месца ва ўсёй гіпотэзе У. Бязроднага, бо менавіта ад яго бяруць пачатак князі Пуцяціны. Па-чацвертае, даследчык не звяртае ўвагі на пералік нашчадкаў М. Мікіцініча. Сярод іх няма імёнаў яго сыноў — Яраслава і Астафія, добра вядомых па дакументах метрыкі
ВКЛ. Таксама незразумела, хто такія Якаў, Сямён, Аляксей, Фацей, Філіп і іншыя. Улічваючы вышэйсказанае, трэба паставіць пад вялікае сумненне саму магчымасць выкарыстання гэтага сінодзіка ў якасці гістарычнай крыніцы для рэканструкцыі радаводу Мікіцінічаў.
Трэцяе ж сцвярджэнне зусім не вытрымлівае крытыкі. Алену Іванаўну суправаджаў у Вільню не Мікіта Іванавіч, а Сямён Іванавіч Рапалоўскі, аб чым сведчаць матэрыялы пасольскіх кніг [11, с. 163]. Гэта асоба добра вядома па крыніцах; дзяцей у С.І. Рапалоўскага не было [7,с. 41]. Аб існаванні ў канцы XV ст. князя пад імем Мікіты Іванавіча Рапалоўскага нам нічога не вядома.
Неабходна адзначыць, што па-за ўвагай У. Бязроднага засталася крыніца, якая ўтрымлівае ўскосныя сведчанні на карысць яго гіпотэзы — спісы палонных масквічоў у ВКЛ. Аднаго з двух патрпіўшых у палон у 1514 г. Пуцяціных, Сямёна Іванавіча, Мацвей Мікіцініч узяў да сябе «на поруки», што можа навесці на думку аб існаванні сувязі паміж імі [12, с. 163]. Нягледзячы на гэта, вышэйпрыведзеныя аргументы не дазваляюць прыняць версію паходжання Мікіцінічаў ад князёў Старадубскіх як пераканаўчую. Зыходзячы з даступных нам крыніц, мы можам зрабіць наступныя высновы аб паходжанні князя Мацвея Мікіцініча. 1. М. Мікіцініч паходзіў з Маскоўскай дзяржавы; 2. Род Мікіцінічаў меў пэўную сувязь з родам Рапалоўскіх; 3. Мацвей Мікіцініч быў прадстаўніком дробнага княскага рода. Аб гэтым, акрамя іншага, красамоўна сведчыць тое, што ні ў адным са шматлікіх дакументаў метрыкі ВКЛ не згадваецца яго родавае імя. Відаць, яно было канчаткова згублена. 4. «Мікіцініч» — гэта, безумоўна, патронім. Адсюль можна заключыць, што хтосьці з яго бліжэйшых продкаў, хутчэй за ўсё, бацька, насіў імя Мікіта. Якім чынам князь Мацвей апынуўся ў ВКЛ? Аб гэтым нам паведамляе вялікі князь Аляксандр у сваім прывілеі эмігранту на пляц у Вільні ад 11 красавіка 1499 г.: «Бил намъ чоломъ княз Матфеи Микитиничъ, которыи же з нашою великою кнегинею Аленою з Москвы приехалъ...» [4, с. 185]. Адсюль мы можам меркаваць, што князь Мацвей знаходзіўся ў свіце Алены Іванаўны, якая прыбыла ў ВКЛ у пачатку 1495 г. Гэту версія, аднак, не прымае Ю. Вольф, аргументуючы сваю пазіцыю наступным чынам. Калі Мікіцініч сапраўды знаходзіўся пры Алене, то яго імя павінна было трапіць у спіс суправаджаўшых князёўну асоб, але ён сярод яе світы не згадваецца [11, с. 163—164]. Паводле Ю. Вольфа, Мікіцініч з’явіўся ў ВКЛ пазней. Ён мог мець дачыненне да падзей пачатку 1499 г. у Маскве, калі князь Сямён Іванавіч Рапалоўскі разам з шэрагам іншых асоб быў пакараны смерцю. Ратуючыся ад расправы, Мікіцініч збег у ВКЛ [6, с. 116].
А. Банецкі бачыць Мікіцініча ў свіце Алены Іванаўны, але працытаваны вышэй прывілей Аляксандра застаўся для даследчыка невядомым. Сваю выснову ён робіць на падставе шчодрых пажалаванняў вялікай княгіні на карысць Мікіцініча [13, с. 181].
На наш погляд, няма падстаў не давяраць словам Аляксандра аб тым, што князь Мацвей прыехаў разам з Аленай Іванаўнай: наўрад ці гаспадар мог так памыляцца адносна набліжаных да сваёй жонкі асоб. З іншага боку, дата прывілея на віленскі пляц — 11 красавіка 1499 г. — быццам кажа на карысць версіі Ю. Вольфа. Пакаранне смерцю С.І. Рапалоўскага адбылося ў пачатку лютага таго ж года [14, с. 163—164], а прывілей утрымлівае самую першую згадку аб Мікіцінічы як абывацелю ВКЛ. Але гэта ж храналагічнае супадзенне робіць яшчэ больш неверагодным дапушчэнне кепскай інфармаванасці Аляксандра аб эмігранце. Хіба мог ён у красавіку 1499 г. памылкова аднесці з’яўленне ў ВКЛ Мікіцініча да 1495 г., калі той прыбыў толькі што? Больш за тое, пераканацца ў памылковасці дапушчэння Ю. Вольфа можна пры больш падрабязным разглядзе зместу прывілея. Ён носіць пацвярджальны характар, г. зн., віленскі пляц быў атрыманы Мікіцінічам раней за красавік 1499 г., аб чым кажа сам Аляксандр: «...перво сего (выдзелена намі — А.К.) дали есмо ему местъцо городское в месте Виленьскомъ...» Акрамя таго, вялікі князь адзначае, што гэта пажалаванне стала заахвочваннем Мікіцініча «за его служъбу», г. зн., ён павінен быў паспець выслужыць падараванне Аляксандра [4, с. 185].
Засталося адказаць на яшчэ адно пытанне: чаму імя Мікіцініча не згадваецца сярод суправаджаўшых Алену Іванаўну асоб? Спіс гэтых асоб, які змяшчаецца сярод матэрыялаў пасольстваў, пачынаецца так: «А се список, которые бояре и дети боярьские поехали княжны провожати в Литву...» [11, с. 163]. Перад намі світа Алены Іванаўны, прызначаная на перыяд яе падарожжа ў ВКЛ. Наўрад ці варта сумнявацца ў тым, што яе падборам займаўся, ці, прынамсі, кантраляваў яго, сам Іван ІІІ, які надаваў вялікую ўвагу ад’езду дачкі, як і наогул яе шлюбу з Аляксандрам. Пад самой фармулёўкай «поехали княжны провожати» павінна было разумецца вяртанне назад. Вядома, што праз пэўны час суправаджаўшыя Алену
Іванаўну «бояре» сапраўды вярнуліся ў Маскву. Але хтосьці павінен быў застацца пры княгіні — яе слугі, яе непасрэднае атачэнне, якое, натуральна, не згадваецца сярод разглядаемай намі світы, прызначанай маскоўскімі ўладамі толькі на час падарожжа Алены ў Вільню. Гэта пацвярджаецца назіраннямі Тураевай!Цэрэтэлі, якая пасля высылкі назад світы знаходзіць вакол жонкі Аляксандра «немало москвичей» [15, с. 161].
Нягледзячы на малады ўзрост (на момант ад’езду з Масквы княжне не споўнілася і 19 год) яна магла мець свой уласны, хай і невялікі, няпоўны па наборы пасад, двор, сваіх уласных служэбнікаў. Прыналежнасць Мікіцініча да гэтага кола ускосна пацвярджаецца словамі самой Алены, ужо вялікай княгіні літоўскай. У 1507 г., даючы яму прывілей на шэраг двароў, яна адзначыла яго добрую службу вялікаму князю Аляксандру, кажучы, што князь Мацвей «былъ его милости во всякихъ служъбах поволныи а верныи слуга». Далей Алена робіць такія ж кампліменты Мікіцінічу ўжо як свайму ўласнаму слузе, дадаючы, аднак, вельмі істотную дэталь. У адрозненне ад Аляксандра, ёй Мікіцініч «з молодыхъ своихъ летъ(выдзелена намі — А.К.)в доброи а вернои ся служъбе заховалъ» [4, с. 180]. А гэта значыць, што паслужыць Алене Іванаўне князь паспеў яшчэ да яе шлюбу і разам з ёй прыехаў у ВКЛ, аб чым і прыгадаў Аляксандр у 1499 г.
Акрамя князя М. Мікіцініча, мы маем звесткі яшчэ аб некалькіх набліжаных да Алены асобах, імёны якіх не фігуруюць сярод яе світы. У лютым 1495 г. Іван ІІІ пасылае князя В.В. Рамаданоўскага з жонкай да сваёй дачкі «на пожитье». Той павінен быў перадаць Алене, каб для напісання таемных лістоў да бацькі яна выбрала аднаго «из своих людей»: Фёдарава сына Глотава, Якуця (Якава?) Семічава, Федку Дзямідава сына Балабанава, Сенку Аўрамава [11, с. 172—173]. У 1497 г. з лістом ад Аляксандра, а таксама з вусным паведамленнем ад сябе Алена пасылала да Івана ІІІ Аляксея Семічава — «своего» чалавека [11, с. 226, 227, 254]. Пад 1528 г. сярод абывацеляў ВКЛ прыгадваецца Фёдар Семічаў, а ў 1530!х гг. — Міхайла Фёдаравіч Семічаў, верагодна, яго сын [5, с. 61; 16, с. 157]. Як
відаць, побач з Аленай знаходзілася коля яе ўласных слуг, прыбыўшых разам з ёй з Масквы, і М. Мікіцініч мусіў у гэта кола ўваходзіць.
Такім чынам, Мацвей Мікіцініч паходзіў з дробнага княскага рода Маскоўскай дзяржавы, які, верагодна, быў звязаны з Рапалоўскімі. Ён належыў да бліжэйшага атачэння княжны Алены, дачкі вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ, і разам з ёй прыехаў у ВКЛ у пачатку 1495 г.
Спіс літаратуры
1. Lietuvos Metrika. Kn. 1 (1380—1584): U?ra?ym knyga 1 / Lietuvos istorijos institutas; parenge. A. Baliulis, R. Firkovi?ius. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedij leidybos inst., 1998. — 207 p.
2. Lietuvos Metrika. Kn. 10 (1440—1523): U?ra?ym knyga 10 / Lietuvos istorijos institutas; parenge. A. Banionis ir A. Baliulis. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedij leidykla, 1997. — 178 p.
3. Lietuvos Metrika. Kn. 11 (1518—1523): U?ra?ym knyga 11 / Lietuvos istorijos institutas; parenge. A. Dubonis — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijleidykla, 1997. — 228 p.А.У. Казакоў. Князь Мацвей Мікіцініч: паходжанне і эміграцыя 83
4. Lietuvos Metrika. Kn. 25 (1387—1546): U?ra?ym knyga 25 / Lietuvos istorijos institutas; parenge. D. Antanavi?ius ir A. Baliulis. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedij leidybos inst., 1998. — 460 p.
5. Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. 523. Кн. Публічных спраў 1 / Падрыхт. А.І. Груша, М.Ф. Спірыдонаў, М.А. Вайтовіч; НАН Беларусі, Ін!т гісторыі. — Мiнск: Бел. Навука, 2003. — 444 с.
6. Wolff, J. Kniaziowie litewskoruscy od ko?ca czternastego wieku / J. Wolff. — Warszawa: Gebethner i Wolff, 1895. — XXV, 698 s.
7. Зимин, А.А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV — первой трети XVI в. / А.А. Зимин. — М.: Наука, 1988. — 350 с.
8. Herbarz polski Kaspra Niesieckiego S.J.; powiekszony dodatkami z p?znejszych autor?w, rkopism?w i dowod?w urzdowych i wydany przez Jana Nep. Bobrowicza: w 10 t. — W Lipsku [Leipzig]: nak?adem i drukiem Breitkopfa Haertela,1839—1845. — T. VII. — 1841. — 652 S.
9. Безроднов В. Родословие князей Стародубских и происхождение князей Путятиных (по материалам синодика князей Микитиничей!Головчинских)/ В. Безроднов // Генеалогический вестник. — СПб., 2001. — Вып. 3. — С. 31—34.
10. Голубев, С.Т. Древний помянник Киево!Печерской Лавры (конца XV и начала XVI столетия) / С.Т. Голубев // Чтения в историческом обществе Нестора Летописца. — Киев, 1892. — Кн. 6. — Приложение. — С. I—XIV, 1—88.
11. Памятники дипломатических сношений древней России с державами иностранными. Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским государством, 1487—1533 / под ред. Г. Ф. Карпова. — 2-е изд. // Сборник Императорского русского исторического общества. Т. 35(1). — СПб.: Университетская типография, 1882. — 872 с.
12. Антонов А.В. Списки русских пленных в Литве первой половины XVI века / А.В. Антонов, М.М. Кром // Архив русской истории. — М., 2002. — Вып.7. — С. 149—196
13. Boniecki, A. Poczet rod?w w Wielkim Ksistwie Litewskim w XV i XVI w./ A. Boniecki. — Warszawa: Druk J. Bergera, 1887. — XVI, 426, L s.
14. Зимин, А.А. Россия на рубеже XV—XVI столетий: очерки социально-политической истории / А.А. Зимин. — М.: Мысль, 1982. — 333 с.
15. Тураева-Церетели, Е.Ф. Елена Иоанновна, великая княгиня литовская, русская, королева польская. Биографический очерк в связи с историей того времени / Е.Ф. Тураева!Церетели. — СПб.: Типография И.Н. Скороходова, 1898. — 356 с.
16. Lietuvos Metrika. Kn. 15 (1528—1538): U?ra?ym knyga 15 / Lietuvos istorijos institutas; parenge. A. Dubonis. — Vilnius: ?ara, 2002. — 446 p.