Князь Васіль Міхайлавіч Нарымонтавіч быў прыкметнай постаццю ў Вялікім Княстве Літоўскім у 2–й палове XIV ст. Яго асобай упершыню зацікавіўся Ю. Вольф[47]. Ён лічыў Васіля Міхайлавіча ўнукам Нарымонта. Той жа думкі прытрымліваўся Ю. Пузына[48]. Дзякуючы іх намаганням былі сабраныя звесткі пра дзейнасць гэтага князя. Упершыню ён выступае ў 50–я г. XIV ст. У копіі 2–й паловы XVI ст. захаваўся ўрывак фундацыйнай граматы „пана Василия Михаловича Нарымунта, князя пинского, пана мстиславского, подъ литомъ нароженья Сына Божого тысеча триста петьдесятъ пятого, индикта девятого“ на царкву Раства Божай Маці ў Куранцу[49]. 27 кастрычніка 1386 г. у Луцку князь Васіль Пінскі прынёс прысягу на вернасць каралю Ўладыславу II Ягайлу і яго жонцы Ядвізе[50]. Пра ўдзел „Нарымонта Васіля Пінскага“ ў вясельных урачыстасцях у Кракаве ў 1386 г. і пра яго прысягу напісаў М. Стрыйкоўскі[51]. 11 жніўня 1387 г. князь Васіль Пінскі разам з Вітаўтам і іншымі князямі паручыўся перад Уладыславам II Ягайлам за галіцкага ваяводу Бенедыкта[52]. Князь Васіль Міхайлавіч названы другім сярод князёў і баяр, якія паміж 1387 і 1390 г. паручыліся перад Скіргайлам за Грыдку Канстанцінавіча[53]. Захавалася таксама недатаваная менавая грамата, якую „князь Васіль Нарымонтавіч“, выступаючы, відавочна, як уладар Піншчыны, даў Паўлу Катовічу[54]. Ю. Вольф выказаў думку[55], што князь Васіль Міхайлавіч памёр напрыканцы XIV ст. Ю. Пузына, як здаецца, цалкам праўдападобна ўдакладніў дату смерці князя Васіля Міхайлавіча: 1390 г.[56] Абапіраючыся на Я. Длугаша[57] і М. Стрыйкоўскага[58], ён прыйшоў да высновы, што забіты на загад Вітаўта „князь Нарымунд“ — гэта і ёсць князь Васіль Міхайлавіч. Ян Длугаш паведамляе[59], што яго жонкай была Ульяна — родная сястра жонкі Вітаўта Ганны. Як вядома, Ганна была дачкой князя Святаслава Смаленскага.
Ян Тэнгоўскі лічыць князя Васіля не ўнукам, а сынам Нарымонта[60]. Але ў такім выпадку незразумела, чаму гэты князь насіў імя па бацьку Міхайлавіч, бо хрысціянскім імем Нарымонта было Глеб. Даследчык паставіў пад сумніў сапраўднасць дакумента 1355 г. Ён звярнуў увагу на неадпаведнасць індыкта году, а таксама на тое, што Мсціслаў трапіў пад уладу вялікіх князёў літоўскіх пазней (у 1359 г.) і Васіль Міхайлавіч да гэтага часу не мог называць сябе „панам мсціслаўскім“[61]. У цэлым копія сапраўды выклікае некаторыя падазрэнні, у прыватнасці дзіўнай тэрміналогіяй. Але не трэба забываць, што гэта далёка не першая, і прычым позняя копія. Што ж датычыцца аргументаў Я. Тэнгоўскага, дык індыкт бянтэжыць толькі на першы погляд. Калі адлічваць яго па студзеньскай сістэме, прынятай у каталіцкім свеце, дык 1355 году насамрэч адпавядае восьмы, а не дзевяты індыкт. Але трэба мець на ўвазе, што на праваслаўнах землях карысталіся не студзеньскім, а вераснёўскім індыктам. Толькі вераснёўскі індыкт і мог быць прастаўлены ў разгляданым дакуменце. Дзевяты індыкт пачаўся 1 верасня 1355 г. і скончыўся 31 жніўня 1356 г. Такім чынам, акт быў складзены паміж 1 верасня і 31 снежня 1355 г.
Адносна далучэння Мсціслава да Вялікага Княства Літоўскага можна адзначыць наступнае. Распавядаючы пра напад літоўцаў на Прусію ў 1352 г., ордэнскі храніст Віганд Марбург зафіксаваў удзел у ім „караля са Смаленска“. Для „караля“ выправа скончылася трагічна — ён загінуў. Адзін нямецкі рыцар вырашыў перадаць яго цела „за вялікія падарункі“ Кейстуту, бо „кароль“ быў сынам яго брата[62]. Даследчык гісторыі Смаленскага княства П. Галубоўскі скептычна паставіўся да паведамлення В. Марбурга і Я. Длугаша аб удзеле смалян у гэтым паходзе. Адпаведны фрагмент Я. Длугаша ён зразумеў такім чынам, што на чале смалян стаяў Патрыкій Нарымонтавіч і крытыкаваў польскага храніста за гэтую відавочную памылку[63]. Аднак у Я. Длугаша імя смаленскага князя не ўказана[64]. Хто ж быў гэты смаленскі князь, пляменнік Кейстута? Г. Пашкевіч лічыў[65], што гэта мог быць сын Альгерда. Аднак Альгердавічаў можна адразу выключыць: па–першае, яны былі яшчэ замаладыя, а па–другое, В. Марбург выдатна ведаў Альгерда і згадаў яго ў апавяданні пра той жа напад[66]. Калі б гэта быў нехта з Альгердавічаў, незразумела, навошта храністу было яго называць менавіта пляменнікам Кейстута, а не сынам Альгерда. Нішто не перашкаджае дапусціць, што ў Смаленску ў гэты час княжыў Міхаіл Нарымонтавіч. (У сваёй нядаўняй манаграфіі Г. Ластоўскі залічыў згадку В. Марбургам „караля са Смаленска“ ў паведамленні 1352 г. да геаграфічных памылак храніста. Але адначасова выказаў меркаванне[67], што ў гэтай асобе насамрэч трэба бачыць аднаго з сыноў Нарымонта). Названы князь ні ў якіх крыніцах не згадваецца, і яго існаванне вынікае толькі з імя па бацьку князя Васіля Міхайлавіча Нарымонтавіча[68]. Гэта і дало падставы найноўшым даследчыкам адмаўляць яго існаванне ўвогуле[69]. Аднак іх аргументы не пераконваюць. Княжанне (відаць, непрацяглае) Міхаіла Нарымонтавіча ў Смаленску шмат што праясніла б. Па–першае, калі прыняць, што блізу 1350 г. літоўцы нейкім чынам здолелі ўсталявацца ў Смаленску, становіцца зразумелым, чаму ў 1352 г. вялікі князь маскоўскі Сямён Іванавіч хадзіў на Смаленск[70]. Гэты паход — абсалютна невытлумачальны з пункту гледжання папярэдніх узаемных стасункаў Масквы і Смаленска. Ніякіх сутыкненняў напярэдадні 1352 г. паміж імі не назіралася, гэты паход выглядае поўнай нечаканасцю. З летапісаў нельга таксама зразумець мэты выправы Сямёна Іванавіча. Адметна, што на абарону смалян выступіў Альгерд, паслаўшы да вялікага князя маскоўскага сваіх паслоў[71]. Факт княжання ў 1352 г. Міхаіла Нарымонтавіча тлумачыць і тое, чаму князь Васіль Міхайлавіч фігуруе ў грамаце як „пан мсціслаўскі“. Пануючы ў Смаленску, Міхаіл Нарымонтавіч прызначыў свайго сына кіраваць адным са смаленскіх прыгарадаў — звычайная практыка сярод князёў на Русі. Варта нагадаць яшчэ і тое, што, паводле Я. Длугаша, забіты ў 1390 г. „Нарымунд“ быў жанаты са смаленскай князёўнай Ульянай. Раней лічылася[72], што Ульяна на самай справе была жонкай брата Вітаўта Таўцівіла–Конрада, аднак апошнім часам гэты пункт гледжання крытыкуецца[73]. Таму зусім не выключана, што ў паведамленні Яна Длугаша мог знайсці адлюстраванне нейкі рэальны факт і Васіль Нарымонтавіч быў жанаты з князёўнай са смаленскай дынастыі.
Такім чынам, рэальна існавалі і Міхаіл Нарымонтавіч, і яго сын Васіль. Ян Тэнгоўскі адрознівае князя Васіля Нарымонтавіча ад князя Васіля Пінскага[74]. Аднак, у сувязі з вышэйсказаным, гэта наўрад ці можна прыняць. Між іншым і таму, што М. Стрыйкоўскі прама называе князя Васіля Пінскага Нарымунтам.