Археалагічныя даследаванні ў басейне ракі Шчары
Васіль Супрун
(Слонім)
Аўтарам гэтага паведамлення археалагічныя даследаванні ў басейне ракі Шчары – буйнейшага левага прытоку Нёмана – праводзіліся ў асноўным з 1963 да 1970 года. Разведкай былі ахоплены Слонімскі, часткова Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Баранавіцкі, Ляхавіцкі і Зэльвенскі раёны. Пры гэтым ставілася мэта, па магчымасці, паўней выявіць і апісаць усе археалагічныя помнікі краю. На даследаванай тэрыторыі ўпершыню было адкрыта і ўведзена ў археалагічную навуку каля дзвюхсот раней невядомых помнікаў розных гістарычных эпох: ад мезалітычных стаянак людзей да селішчаў і могільнікаў сярэднявечча. Сабрана вялікая колькасць пад’ёмнага матэрыялу: адшчэпаў і вырабаў з крэменю, каменных вырабаў, керамікі, металічных і іншых знаходак. Многія аб’екты шурфаваліся, а многаслойны помнік Русакова-ІІ і курганы каля Орлавіч Слонімскага раёна раскопваліся. Справаздачы аб гэтых работах захоўваюцца ў Архіве Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Сярод даследаванай тэрыторыі найбольш цікавай і багатай у археалагічным сэнсе аказалася Слонімшчына. Размешчаная ў басейне сярэдняга цячэння Шчары, якая ў найдаўнейшыя часы служыла вадзяной магістраллю між Палессем і Панямоннем, яна ўжо ў эпоху неаліту была заселена даволі шчыльна. У гэтым раёне выяўлена каля 30 стаянак каменнага веку і эпохі бронзы, больш за 60 селішчаў пазнейшых часоў, каля 10 розначасовых гарадзішчаў і сховішчаў, нямала курганных груп і могільнікаў. Гэта больш, чым у суседніх Баранавіцкім, Зэльвенскім і Пружанскім раёнах разам узятых. Слонімшчына – сваеасаблівы археалагічны запаведнік.
Стаянкі першабытных людзей тут выяўлены каля наступных населеных пунктаў: Паўлава (правы бераг р.Дымаркі), Навікі (урочышча Вулашно), Едначы (хутар Янава), Ніз (урочышча Гарадзішча), Паўлавічы (левы бераг р.Шчары), Прырэчча (урочышча Драшкава), Камлявічы (урочышчы Загор’е і Вомша), Ферадкі (урочышча Лазавыя), Міцькавічы (урочышчы Яловікі і Хваіна), Талькаўшчына (на правым беразе р.Шчары і ў поплаве), Лабазоўка (на месцы кар’ера), Слонім (на ўрочышчах Скубішоўка, Дубы, Соміна, Сабачоўка), Чапялёва (урочышчы Соміна і Гараб’ёва горка), Шылавічы (урочышчы Ніўка, Палачышча, Хвядоўшчына, Турэц), Русакова (урочышчы Літоўскі груд і Завала), Клепачы (абапал возера Бяздоннага), Нагуевічы (левы бераг р.Ісы). Акрамя таго, каменныя і крамянёвыя прылады працы ў розныя часы знаходзілі і каля вёсак Дзераўная, Забулле, Міжэвічы, Навасёлкі, Асабнякі і іншых.
Памеры і аддаленасць стаянак ад вадаёмаў залежалі ад рэльефу мясцовасці, але звычайна яны займалі невялікую плошчу (100 x 50м) і размяшчаліся на пясчаных берагах буйных рэк ці іншых вадаёмаў. Найбольш характэрнымі знаходкамі тут з’яўляліся крамянёвыя пласцінкі, рэтушаваныя скрабкі, разцы, праколкі, наканечнікі стрэлаў, рубячыя прылады, каменныя адбойнікі і фрагменты глінянага вострадоннага посуду ручной лепкі з прымесямі ў гліне расліннасці ці каменнай жарствы (у познім неаліце).
Неабходна адзначыць, што чыстыя неалітычныя ці з эпохі бронзы помнікі сустракаюцца рэдка. Часцей на іх наслойваліся матэрыялы іншых археалагічных эпох. Тым больш, што рэзкага размежавання паміж эпохамі неаліту і бронзы ні ў часе, ні ў матэрыяльнай культуры не існавала. Раздзяленне праведзена ўмоўна.
Найбольш характэрнымі для эпохі бронзы з’яўляюцца наступныя прыкметы: вырабы з крэменю становяцца больш дасканалымі, разнастайнымі, часамі падшліфаванымі; на каменных прыладах прыкметна імітацыя кантаў пры іх шліфоўцы; кераміка становіцца пласкадоннай або з закругленым днішчам, больш шырокага асартыменту і формаў; знікаюць дамешкі расліннасці ў гліне, бо дамешваецца толькі жарства, зрэдку – пясок; сустракаецца посуд з заштрыхаванай паверхняй. Селішчы нібы крыху пашыраюць свае памеры і прасоўваюцца ўглыб раней неабжытых тэрыторыяў, на меншыя рэкі.
Да стаянак-селішчаў эпохі бронзы можна аднесці археалагічныя помнікі, выяўленыя каля вёсак Едначы (Янава), Камлявічы (Вомша), Ферадкі (Чартавыя), Парэчча (Буслаўка). Прырэчча (Драшкава), Міцькавічы (Хваіна), Васілевічы (Кут), Талькаўшчына (на поўдзень ад фермы), Чапялёва (Соміна), Шылавічы (Турэц, Студзяніца), Шундры (Вуглы), Русакова (Літоўскі груд). На тэрыторыі Слоніма да гэтай групы помнікаў можна аднесці селішча ва ўрочышчы Дубы. Магчыма, што да позняй бронзы можна аднесці і селішчы каля вёсак Дзераўная (Пукрэўшчына, Карпаўшчына), Забулле (Селішча).
У т.зв. жалезным веку, які пачынаецца прыблізна з 6 ст. да н.э. і цягнецца да 8 cт. н.э., селішчы распаўсюджваюцца амаль на ўсю тэрыторыю раёна. У гэты час інтэнсіўна асвойваецца земляробства, чаму спрыяла вынаходства жалеза, якое паступова замяняла крамянёвую індустрыю. У раннім жалезным веку традыцыйна яшчэ бытавалі і многія вырабы з крэменю, бо на Слонімшчыне выплаўка жалеза з мясцовай балотнай руды была шырока асвоена толькі недзе на рубяжы нашай эры. Найбольш значныя асяродкі, звязаныя з гэтым новым промыслам, размяшчаліся каля вёсак Навасёлкі (Паўлаўскага сельсавета), Мілошавічы і Ражавічы. Тут выяўлены сляды шматлікіх каменных домніц, гліняныя соплы, шлак і асобныя знаходкі крыцы. Былі, відаць, такія прымітыўныя домніцы і ў іншых месцах, але асноўны цэнтр па выплаўцы жалеза існаваў паблізу Навасёлак (урочышча Вепраўка).
Селішчы, датаваныя гэтым часам, асабліва познім жалезным векам, выяўлены каля Асабнякоў, Васілевіч, Глоўсевіч, Дзераўной, Забулля, Кавалёў, Казловіч, Лабазоўкі, Масілавіч, Міжэвіч, Мяльканавіч, Мілошавіч, Навасёлак, Парэчча, Рахавіч, Салянікоў, Талькаўшчыны, Шылавіч, Ягнешчыц і іншых вёсак.
Гэтыя паселішчы былі зусім не падобныя на сучасныя вёскі. Яны не мелі ніякай сістэмы планіроўкі. Жыллё размяшчалася побач з гаспадарчымі пабудовамі. У курных хатах месціліся вялікія сем’і, якія складаліся з некалькіх пакаленняў родзічаў. У хатах без акон ачаг размяшчаўся побач з дзвярыма. Ён быў крыху заглыблены ў мацерык і абложаны каменнем. Такія ачагі, дыяметрам каля аднаго метра, выяўлены на селішчах Студзяніца, Соміна, Косаўскі тракт. Памеры вёсак залежалі ад колькасці жыхароў і ўмоў прыдатных для земляробства і жывёлагадоўлі. У гэты час людзі ўжо карысталіся калодзежамі-ямамі, якія капаліся побач з рэкамі, крыніцамі, забалочанымі месцамі і ў выпадку неабходнасці паглыбляліся да 3-5 метраў. Такія ямы-калодзежы выяўлены каля Сыпанай гары паблізу Палатніцы і на гарадзішчы Куроўска гара паблізу Талькаўшчыны.
Кераміка ў гэты перыяд становіцца больш грубай і рыхлай, няроўна абпаленай і больш прымітыўна арнаментаванай. Паверхня яе штрыхуецца неахайна. Відавочна, што працэс штрыхоўкі (загладжвання) паверхні посуду праводзіўся не пасля падсушкі, а ў час лепкі і фармоўкі. Магчыма, што найбольш здольныя ўмельцы пераключыліся на вырабы з жалеза, якое стала найбольш прэстыжным і каштоўным. У гліну, каб не трэскалася пры сушцы, замест жарствы дамешваўся пясок.
Недзе ў палове І тысячагоддзя н.э. на Слонімшчыне з’явіліся першыя гарадзішчы-сховішчы. Мясцовае насельніцтва, напалоханае нейкай нечаканай вонкавай пагрозай, вымушана было выкарыстоўваць суседнія цяжкадаступныя ўзвышшы як сховішчы. Магчыма, што пры гэтым узводзіліся нейкія часовыя заслоны. Сляды ад іх не захаваліся, аднак на вяршынях і ля падножжаў такіх узвышшаў-сховішчаў сустракаецца кераміка. Такія гарадзішчы-сховішчы на тэрыторыі сучаснай Слонімшчыны існавалі паблізу Азярніцы (Татарская гара), Вераб’евіч (Бяседа і Гострая горка), Дзераўной (Старжаная гара), Палатніцы (Сыпаная гара), Прырэчча (Драшкава), Талькаўшчыны (Куроўска гара), Чапялёва (Гарадок), Чамяроў (Малева), Шылавіч (Турэц), у Слоніме (Бахмутка, Пясчанка. Лыса гара).
Прыцягвае ўвагу, што ў той жа час з’яўляецца шэраг новых паселішчаў, якія маглі быць вынікам падсялення прышлага насельніцтва.
Другі прыліў насельніцтва заўважаецца напрыканцы І тысячагоддзя, калі ізноў з’яўляецца шмат новых селішчаў і гарадзішчаў. На гэты раз абарончыя ўмацаванні з землянымі валамі і ровамі ўзводзіліся або на месцах былых сховішчаў, або на новых узвышшах ці іх мысах. Гарадзішчы 10-13 стст. захаваліся каля Слоніма (Косаўскі тракт), Збочна (Гарадзішча), Асабнякоў (Акоп), Высацка, Нізоў (Гарадзішча), Талькаўшчыны (Куроўшчына або Курава). На гэтых старажытных умацаваннях прыкметны сляды культурных напластаванняў, што сведчыць аб працяглым іх выкарыстанні нашымі продкамі. Ёсць і сляды неаднаразовых пажараў.
Селішчы феадальнага часу выяўлены каля большасці сучасных вёсак. Некаторыя вёскі аб’ядналі ў сабе па некалькі былых селішчаў. Утварыліся контуры вуліц.
Асобную групу археалагічных помнікаў утвараюць курганныя і старажытныя грунтовыя могільнікі. Курганы на Слонімшчыне захаваліся каля горада Слоніма (урочышча Соміна), вёсак Баравікі (на могілках), Ганькі (на ўскрайку суседняга лесу). Едначы (паўскрай дарогі ў в.Ніз, у лесе), Кавалі (пры палявой дарозе ў в.Дзераўная*), Нагуевічы (ва ўрочышчы Івішчы, у лесе), Орлавічы (на могілках), Піронім (на ўскрайку лесу пры дарозе ў в.Войневічы), Рахавічы (на могілках і побач з імі), на могілках былой в.Багданавічы, Талькаўшчыны (2 км на ўсход ад вёскі, у лесе), Шундры (у лесе, 1,5 км на паўднёвы-захад ад вёскі). У апошні час былі знішчаны курганныя могільнікі ў Васілевічах, Дзераўной, Паўлаве, Паўлавічах (раскапаны В.Сядовым), Рышчыцах.
Усе курганы Слонімшчыны круглыя ў плане, вышынёй ад 0,6 да 2,0 і дыяметрам 4-16 м (акрамя аднаго дугападобнага кургана вышынёй каля 1,0 і даўжынёй 24 м паблізу в. Паўлава). Побач з вёскай Юхнавічы ўзвышаецца да 2 м старажытны курган-могільнік з мноствам пахаванняў, дыяметр круглага ў плане могільніка каля 27 м. На паверхні яго меліся каменні. Вакол некаторых курганных насыпаў прыкметны ровікі.
Улічваючы розначасовыя раскопкі, можна меркаваць, што пахаванні пад курганамі ў гэтай мясцовасці праводзіліся прыблізна з 11 да 17 ст. Але адначасова бытавала і традыцыя звычайных ямных пахаванняў. Ёсць могільнікі і з суцэльнай каменнай вымасткай паверхні грунтовых магіл (Куцэйкі, Клепачы побач з возерам Бяздонным, хутар Выбар побач з Навасёлкамі). Пад курганамі ж пахаванні праводзіліся па рознаму абраду: у ямах глыбінёй 40-60 см, на паверхні мацерыка і непасрэдна ў насыпах (упускныя). Пры раскопках аднаго з курганаў у Орлавічах выяўлены чатыры нябожчыкі, пахаваныя ў розныя часы. Адзін – у падкурганнай яме глыбінёй 50 см, астатнія – упускныя. Курган мог быць сямейнай грабніцай.
Даследаванні могільнікаў дазваляе выказаць меркаванне, што насельніцтва тут прытрымлівалася неаднолькавых рытуальных традыцый, а гэта значыць, было змешаным. На жаль, праблема гэтая застаецца невывучанай. Аналіз дадзеных разведкі прыводзіць да думкі, што край неаднаразова падсяляўся прышэльцамі як з поўдня, так і з поўначы. Адно з апошніх такіх падсяленняў (магчыма з поўдня) можна датаваць 13 ст.
Што ж далі аўтару згаданыя археалагічныя даследаванні?
1. Выяўлена, што ў старажытнасці р.Шчара была адной з важнейшых водных магістраляў, якія злучалі басейн Дняпра з Панямоннем (Прыпяць з Нёманам).
2. Археалагічны матэрыял дазваляе выказаць новыя думкі пра паходжанне назвы “Услонім”, а таксама пра заснаванне Слоніма і шэрагу іншых населеных пунктаў.
3. Атрыманыя матэрыялы даюць падставы лічыць, што тэхналагічны прыём штрыхавання (загладжвання змочаным пэндзлем сценак глінянага посуду) не абарваўся ў 5 ст. н.э., як лічаць некаторыя даследчыкі, а выкарыстоўваўся на даследаванай тэрыторыі да прымянення ганчарнага круга. Праўда, у рэдкіх выпадках і зменлівых формах.
4. На аснове вышэйсказанага можна выказаць думку, што т.зв. штрыхаваная кераміка не была атрыбутам ці галоўнай прыкметай археалагічнай культуры балтаў, як сцвярджаюць многія вучоныя, а з’яўлялася толькі рэгіянальнай асаблівасцю керамічнай вытворчасці славян. Помнікі Слонімшчыны сведчаць, што ўзнікла яна напрыканцы неаліту.
5. Балцкі субстрат на Слонімшчыне і ў Пашчар’і не прасочваецца, а ёсць асобныя, больш познія пранікненні балцкай культуры.